ТУРГА́ЙСКАЕ ПЛАТО́, Тургайская сталовая краіна,
прыўзнятая раўніна паміж Паўд. Уралам і Мугаджарамі на З, Казахскім драбнасопачнікам на У, у Казахстане. Даўж. каля 630 км, шыр. 300 км, выш. да 310 м. Уздоўж восевай часткі працягваецца Тургайская лагчына. Т.п. — платформавае ўтварэнне; адпавядае паўн. выступу Туранскай пліты і Тургайскаму прагіну. Складзена з марскіх і кантынент. адкладаў. Ёсць радовішчы магнетытавых руд, бурых жалезнякоў, баксітаў, вугалю. Паўн. ч. — з узгоркамі і ўваламі, парэзана слаба; паўд. — з ізаляванымі сталовымі ўзвышшамі, ёсць сетка лагчын і далін часовых рэк. У западзінах салёныя азёры. Клімат рэзка кантынент. і сухі. Паўн. ч. адносіцца да зоны сухіх стэпаў — раён непаліўнога збожжавага земляробства (пшаніца, проса, ячмень); паўд. — у зоне паўпустынь, якія выкарыстоўваюцца як паша.
т. 16, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)